音频游览 Археалагічная калекцыя старажытнага Заслаўя
- 下载的应用程序!
 - iOS
 - Android
 - Windows Phone
 
Заслаўе (старажытны Ізяслаўль) — горад з тысячагадовай гісторыяй. Але, як і некаторыя іншыя старажытныя гарады, на старонкі летапісаў ён трапіў на шмат год пазней свайго ўзнікнення. Археалагічныя даследаванні Заслаўя пачаліся з 1878 г. Раскопкі старажытнасцяў мястэчка і ваколіц вялі знакамітыя археолагі, гісторыкі і даследчыкі, даследавалі і цікавіліся заслаўскай зямлёй і аматары.
У 1977–1983 і 1988–1991 гг. раскопкі Заслаўя праводзіў Юрый Заяц, які ўзначальваў Заслаўскі, а з 1990 г. — Заслаўска-Менскі археалагічны атрад Інстытута гісторыі АН Беларусі. На аснове досведу папярэдніх работ быў выпрацаваны новы падыход у вывучэнні археалагічных помнікаў Заслаўя, які ўлічваў іх спецыфіку. Гарадзішча Замэчак даследавалася шырокімі плошчамі, у выніку чаго былі выяўлены ўчасткі з непарушанай стратыграфіяй пласта і слядамі забудовы (1978, 1979, 1981, 1988; агульная плошча раскопу 1135 м.кв.), праведзеная скразная прарэзка вала і рова.
Заслаўскі замак — помнік са складанай будаўнічай гісторыяй, — вывучаўся сістэмай раскопаў і траншэй (1980–1983, 1990; 918 м.кв.), што дазволіла выявіць старажытны рэльеф мясцовасці, вызначыць асаблівасці фарміравання культурнага слою ў розных частках замкавага палігона. Траншэі, якія праразалі замкавы вал, з’яўляліся працягамі распрацаваных ля яго падножжа раскопаў, што дало магчымасць звязаць стратыграфію ўмацаванняў і культурнага пласта і аблегчыла вызначэнне перыядызацыі этапаў будаўніцтва ўмацаванняў.
Тэрыторыя пасада была пакрытая сеткай з 16 раскопаў і 11 шурфаў (1982, 1983, 1988, 1989, 1991; 2346 м.кв.), вяліся таксама назіранні за землянымі працамі з фіксацыяй стратыграфіі будаўнічых траншэй. У выніку была сабраная інфармацыя аб магутнасці, характары і храналогіі культурнага пласта на розных участках горада.
Вывучаўся курганны могільнік (1977–1982, 1986), былі выяўлены яго часткі, невядомыя раней. У гэты ж перыяд працягвалася архітэктурна-археалагічнае вывучэнне замкавых брамаў (А.А. Трусаў, 1979) і касцёла Панны Марыі (А.М. Кушнярэвіч, 1987).
Агульная плошча археалагічна даследаваных участкаў у Заслаўі ў цяперашні час складае 5657 м.кв. , у тым ліку на тэрыторыі пасада — 2562 м.кв., гарадзішча Замэчак — 1239 м.кв., замка — 1856 м.кв .
У ходзе раскопак атрымана вялікая калекцыя рэчавага матэрыялу розных катэгорый, які характарызуе матэрыяльную культуру горада X – XVIII стст.
Паралельна з археалагічнымі даследаваннямі вёўся пошук архіўных дакументаў па гісторыі Заслаўя.
Рэчавы матэрыял, знойдзены ў працэсе археалагічных раскопак на тэрыторыі Заслаўя, дазваляе атрымаць уяўленне аб розных баках жыцця горада: вытворчасці, гандлі, побыце, ваеннай справе, культуры, сацыяльных адносінах.
Дзякуючы архіўным дакументам Яўгена Куліка, нам вядома, што ён даволі пільна сачыў за адкрыццямі ў археалагічнай навуцы. Захаваліся, і яны сёння дэманструюцца на выставе, замалёўкі прадметаў упрыгожванняў, адзення, абутку і галаўных убораў з раскопак з розных рэгіёнаў Беларусі і ў тым, ліку з Заслаўя.
Гарнітуры наборных баявых паясоў, накладкі і наканечнікі, бранзалеты, пярсцёнкі, скроневыя кольцы, наканечнікі стрэл ад лука і арбалета, якія вы бачыце на выставе былі знойдзеныя на тэрыторыі Заслаўя і перададзеныя Юрыем Апанасавічам Зайцам, кіраўніком заслаўскай экспедыцыі, Інстытутам гісторыі НАН Беларусі ў музей-запаведнік.
游览停留
评论
创建您自己的音频之旅!
使用此系统的移动导游应用是免费的